Урачыстасць св. Яна Евангеліста

27 снежня ў нашай  капліцы Святога Яна Евангеліста і Святога Максімільяна Марыя Кольбэ ў Мінску мы святкавалі чарговы, пяты па ліку, парафіяльны адпуст. Святую Імшу цэлебраваў а. Аляксандр Улас OFMconv. У гэты дзень францішканская каплічка вітала шматлікіх святароў і вернікаў і з іншых парафій. Пад час казання, якое прамовіў а. Анджэй, асаблівым чынам узгадвалася постаць Святога Яна, які быў умілаваным вучням Езуса. Прысутнасць Апостала Яна неаднаразова сустракаецца ў Святым Пісанні. Так, пры перамяненні Пана на гары Табор, акрамя Яна Хрысціцеля і Пятра, таксама прысутны і Ян. Пры смерці Езуса  – Святы Ян стаіць верна пад крыжам і па Яго загаду становіцца сынам Марыі.

Падчас казання святар прыгадаў сцэну апошняй вячэры. Ян Евангеліст спачываў на грудзях Езуса, гэта значыць на сэрцы. Кожны чалавек, падчас святой Эўхарыстыі, па прыкладу Святога Яна, набліжаецца да сэрца Бога. Прыпамінаючы Дзень Змёртвыхпаўстання, калі Святы Ян разам з Апосталам Пятром бягуць хутчэй, чым вецер, каб пабачыць Уваскрасенне, а. Анджэй засяродзіў увагу на тым, што Святы  Ян – прыклад адданай веры ў Езуса Хрыста.

Пад час казання,  а. Анджэй правёў эксперымент. Ён спачатку сказаў людзям устаць, а потым сесці. Гэта быў прыклад таго, як можа дзейнічаць моц слова. Калі так дзейнічае слова чалавека, то якую ж моц мае Слова Бога? Святар таксама правёў аналогію са спартоўцамі, якім для набыцця сіл патрэбны вітаміны. Так і чалавеку для набыцця духоўных сіл патрэбна Божае Слова.

а. Анджэй заклікаў прысутных, у гэты час Божага Нараджэння, таксама ўглядзецца і ў постаць Святога Яна Евангеліста, які кіруе да нас слова, пакідае нам след сваіх перажыванняў і заахвочвае прыйсці да Езуса.

Напрыканцы імшы, згодна са старадаўняй традыцыяй, было асвечана віно, пасля чаго кожны жадаючы змог яго пакаштаваць.

Фоатаздымкі

AddThis Social Bookmark Button
Галоўная Mobile Facebook ВКонтакте